САР’ЯНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў жн. 1941 — чэрв. 1942 у в. Сар’я Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскага) р-на Віцебскай вобл. Налічвала спачатку 6 чал. (кіраўнік Б.А.Жук), потым далучыліся патрыёты навакольных вёсак Громаўкі (А.А.Воранаў), Дзегцярова (В.І.Аўсюк), Мушына (А.Ф.Ліпскі), Шунькі (П.К.Пілюшкін), якія рыхтавалі людзей да партыз. барацьбы. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, зрывалі збор акупантамі прадуктаў харчавання, вываз насельніцтва на работу ў Германію, збіралі зброю, боепрыпасы, рабілі напады на дробныя ням. гарнізоны, арганізоўвалі засады. У сувязі з пагрозай выкрыцця падпольшчыкі (каля 30 чал.) пайшлі ў лес, дзе стварылі партыз. атрад імя Пархоменкі. У барацьбе з акупантамі загінула 11 падпольшчыкаў.
Б.П.Шымук.
т. 14, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)